СВЯТАСЛА́Ў ІВА́НАВІЧ (? — 29.4.1386),
вялікі князь смаленскі з 1358. Сын вял. кн. смаленскага Івана Аляксандравіча. Праводзіў палітыку па захаванні незалежнасці Смаленскага княства. Спрабаваў вярнуць захопленыя вял. кн. Альгердам паволжскія землі (паход 1358 на р. Белая), але ў выніку страціў Мсціслаў з Пасожжам (1359). Дружына С.І. ў 1368 і 1370 прымала ўдзел у паходах Альгерда на Маскву 1368—72. За парушэнне дагавора з Масквой у 1368 С.І. быў адлучаны мітрапалітам Алексіем ад царквы, што пацвердзіў у 1370 канстанцінопальскі патрыярх. У 1375 заключыў саюзны дагавор з Масквой і ўдзельнічаў у паходзе супраць Цверы. У 1386 разам з Андрэем Альгердавічам пачаў барацьбу супраць Вільні і спрабаваў вярнуць захопленыя ВКЛ паўн.-зах. воласці Смаленскага княства. Пасля няўдалай аблогі Віцебска і Оршы спрабаваў узяць Мсціслаў. 29 крас. пад сценамі горада адбылася бітва з падышоўшым войскам ВКЛ, у якой С.І. быў разбіты (гл. Мсціслаўская бітва 1386).
А.А.Мяцельскі.
т. 14, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)